Пятнiца, 10.9.2010
Пятнiца, 10.9.2010![]() ![]() ![]() ![]() |
Нумары /
Эканомiка
Сумесны творчы праект ААТ «Новая Друць» і рэдакцыі «Зары над Друццю» "Гарызонты
"Новай Друці", (№1)
28.07.2010
На тэрыторыі чатырох сельсаветаў, дзе ў аграгарадках і вёсках пражывае сёння амаль трэць насельніцтва раёна, размешчаны вытворчыя аб’екты і сельгасугоддзі ААТ “Новая Друць”. Непасрэдна ў гаспадарцы працуе звыш 600 чалавек у самых розных сферах дзейнасці. Вось чаму ўзнікла неабходнасць мець тут уласны сродак масавай інфармацыі, які садзейнічаў бы не толькі эфектыўнасці арганізацыйнай, ідэалагічнай работы адміністрацыі, але і аказваў станоўчы ўплыў на развіццё вытворчасці праз рост прадукцыйнасці працы, якасных паказчыкаў у кожным тэхналагічным звяне. Пакуль што мы спыніліся на сумесным творчым праекце ў выглядзе штомесячнай тэматычнай старонкі пад агульнай назвай “Гарызонты “Новай Друці”. Хацелася б з дапамогай праекта больш глыбока, аб’ектыўна і паслядоўна асвятляць і даследаваць тыя праблемы, якія хвалююць сёння простага працаўніка, людзей, чыімі розумам і рукамі ствараецца дабрабыт грамадства. Спадзяюся, што наша старонка ў раёнцы знойдзе сваіх прыхільнікаў не толькі сярод працаўнікоў сельгаспрадпрыемства, але і ў асяроддзі ўсіх чытачоў “Зары над Друццю”. У добры шлях, праект! І няхай “Гарызонты “Новай Друці” будуць заўсёды светлымі і прыцягальнымі для добрых людзей. Уладзімір КАНАВАЛАЎ, дырэктар ААТ “Новая Друць”. Курс – на інавацыйныя тэхналогіі Сабраць 8-8,5 тысячы тон збожжа – вось задача хлебаробаў ААТ “Новая Друць” на сёлетняе жніво. Рубеж рэальны, калі ўлічыць, што азімыя збожжавыя культуры займаюць 1300 гектараў, а яравыя зерневыя і зернебабовыя – 1042. Сярэдняя ж біялагічная ўраджайнасць, як паказваюць разлікі, перавышае 30 цэнтнераў збожжа з гектара. Каб пазбегнуць страт, дакладна збалансаваны ўсе звенні ўборачна-транспартнага канвеера. Гэта дзесяць сучасных высокапрадукцыйных камбайнаў, восем аўтасамазвалаў, два збожжатакі і абслугоўваючае звяно. Але сёння, паралельна са жнівом, надзвычай важна прааналізаваць урокі бягучага года, ацаніць упушчэнні і недахопы, каб забяспечыць прыбаўку ўраджайнасці ў будучым. Мы, напрыклад, наладжваем цеснае супрацоўніцтва з вучонымі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, і ўжо відавочна, што з іх боку для павышэння ўрадлівасці палёў патрабуецца больш істотная і дзейсная дапамога. Мільярд рублёў, напрыклад, мы вымушаны выдаткоўваць толькі на хімічныя сродкі аховы раслін. Належнай жа аддачы не атрымалі, бо не змаглі вытрымаць ні аптымальныя дозы хімапрацоўкі, ні біялагічна абгрунтаваныя тэрміны яе правядзення. Асабліва гэта тычыцца пасеваў рапсу, ячменю і некаторых іншых сельгаскультур. Як бачна, рэзервы развіцця ўсёй раслінаводчай галіны ў нас даволі істотныя, і мы імкнемся іх спаўна задзейнічаць, каб у перспектыве выйсці на ўраджайнасць збожжавых у 50-60 цэнтнераў зерня з гектара. Уладзімір НАПРЭЕНКА, намеснік дырэктара па раслінаводстве. Не забываем пра сена Паралельна са жнівом ні на адзін дзень не перапыняем нарыхтоўку кармоў для грамадскага статка. Мэта простая: стварыць паўтарагадовы запас фуражу, а гэта па 50 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Асабіста я на трактары “МТЗ-82” у счэпе з граблямі “Свідэр-616” пастаянна заняты на сушцы сена. На асабістым рахунку ўжо каля 2000 гектараў убраных сенажацяў. Менавіта трывалая кармавая база дазволіць надаць новы імпульс развіццю жывёлагадоўчай галіны ААТ “Новая Друць”. Мікалай ШУТОЎ, механізатар. Лік на гадзіны Менавіта ў падобным рытме праходзіць сёлетняе жніво. Калі дождж прайшоў над адным полем, камбайны неадкладна пераязджаюць на другое, дзе збажына сухая. Пры неабходнасці вядзем уборку да позняй ночы, каб не пакідаць назаўтра распачатыя загоны. А для падобнага рабочага рытму адміністрацыя прадпрыемства стварыла ўсе неабходныя ўмовы. Асабіста я знаходжуся за штурвалам збожжаўборачнага камбайна ўжо 23-і сезон, таму з асабістага вопыту магу рабіць высновы аб узроўні арганізацыі жніва. Аб ім можна меркаваць нават па наладжванні харчавання ў полі. Двойчы на дзень нам дастаўляюць гарачыя абед і вячэру, у меню ўключаны адмысловыя супы і баршчы, сардэлькі і сасіскі, катлеты і гуляшы, каша і апельсінавы кампот. Акрамя таго, атрымліваем пасля вячэры сухі паёк – гэта каўбаса і памідоры, пячэнне і агуркі, яблыкі і ліманад. Так, аб чалавеку працы ў нас клапоцяцца, яго цэняць і паважаюць. Безумоўна, і мы, хлебаробы, у даўгу не застанемся: зробім усё ад нас залежачае, каб убраць вырашчаны хлеб без страт. Сяргей ПЛЕХАЎ,камбайнер. Спецыялізацыя Пры падпрацоўцы збожжа на двух асноўных зернетаках нашага сельгаспрадпрыемства вызначана спецыялізацыя. Калі ў Цяхціне, дзе задзейнічаны зернеачышчальны комплекс КЗС-10, рыхтуецца насенны матэрыял, то ў нас, у Вялікай Машчаніцы, на сучасным абсталяванні С-616 падпрацоўваецца рапс і збожжа для адпраўкі на прамысловыя і фуражныя мэты. Прыемна адзначыць, што на абслугоўванні механізмаў збожжатока ў нас працуюць дасведчаныя і дысцыплінаваныя аператары. Гэта, напрыклад, Васіль Іванчыкаў і Сяргей Бельскі, Андрэй Лявончык і Андрэй Яблонскі, Мікалай Буймістраў. Безумоўна, давесці да кандыцый вышэйшай якасці тысячу тон алейнага зерня рапсу і 8-8,5 тысячы тон збожжа калектывам двух спецыялізаваных збожжатакоў сёння ўпаўне рэальна. Ала СТРАХ, загадчыца Вялікамашчаніцкага збожжатока. І ўсе – за аднаго... Такім чынам склаліся ўзаемаадносіны ў калектыве нашых камбайнераў, што вядомы дэвіз мушкецёраў цалкам увасобіўся ў рэальным жыцці. Як можна, напрыклад, гаварыць аб нейкім рэкордным намалоце, калі нас дзесяць экіпажаў, а валавы збор збожжа – 8,5 тысячы тон? Усе ж працуюць у аднолькавых умоваў, ні для каго выключных ільгот не ствараецца. І гэта правільна, бо канчатковай мэтай з’яўляецца ўсё ж не слава для аднаго асобнага чалавека, а поспех нашай агульнай справы, які куецца працай кожнага ўдзельніка жніва. Здарылася непрадбачаная паломка, штосьці не ладзіцца ў рэгуліроўках камбайна – мы не пакідаем таварыша сам-насам з яго праблемай, а неадкладна аказваем дапамогу, каб разам, у дружбе і згодзе, працягваць уборку. Поплеч са мной, між іншым, сапраўды працуюць вялікія майстры жніва, роўных якім у раёне мала. Гэта Міхаіл і Сяргей Плехавы, Анатоль Ігнатовіч, Аляксандр Шыдлоўскі, Пётр Вараб’ёў і іншыя. Стала для нас добрай традыцыяй пасля паспяховага заканчэння ўборкі збожжавых культур на палях свайго сельгаспрадпрыемства аказваць дапамогу суседзям, дзе сезонная нагрузка на камбайн значна большая. Прыемна, што сустракаюць нас там з радасцю, прадастаўляючы самыя высокаўрадлівыя палі з высокай культурай агратэхнікі, дзе няма ні камянёў, ні палегліцы. Асабліва гэта характэрна для СВК “Кудзін”, дзе, напрыклад, нашы “Джон Дзіры” былі задзейнічаны ў мінулым годзе. І за тое, што там мы змаглі вельмі плённа папрацаваць, захаваць у добрым тэхнічным стане нашы дорагакаштуючыя камбайны, хочацца сказаць вялікі дзякуй праўленню кааператыва і асабіста яго старшыні Адаму Сачыловічу. Мы і сёлета, мяркуючы па ўсім, таксама там будзем “ставіць рэкорды”. Сяргей МУЗЫКАРЭНКА, камбайнер.
|
![]()
![]() ![]() |
|||||||||||||||||||||||||
| Галоўная // Рэдакцыя // Рэклама // Кантакты // Карта сайта | |||||||||||||||||||||||||||
| © 2007 “Зара над Друццю” Дызайн і распрацоўка БЕЛТА |