Пятнiца, 10.9.2010
№58 (9614) ад 28.07.2010
Грамадства
Жыццё прайшло не дарэмна
02.07.2010

У вёсцы Вялікая Машчаніца Сямён Антонавіч Снытко – асоба вядомая. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, педагог ад Бога і проста вельмі чулы і неабыякавы да паўсядзённых клопатаў грамадства чалавек. Аб выпрабаваннях, якія выпалі на яго долю ў 40-я гады мінулага стагоддзя, былы франтавік расказвае рэдка і з неахвотай. Не зажылі яшчэ тыя раны, што пакінула вайна.  Мы гутарым з ветэранам у адным з утульных пакояў яго добраўпарадкаванага дома. Чысціня, якая пануе на тэрыторыі ўсёй сядзібы, прыемна ўражвае.

— Нягледзячы на тое, што выхоўваўся я ў сялянскай сям’і, з дзяцінства засвоіў: багаты не той чалавек, які многа мае, а той, хто набытак свой беражэ, — заўважае ветэран. – Наш дом упрыгожвае чырвоная зорка. І ўжо толькі гэта абвязвае даглядаць за ім, падтрымліваць прыгажосць.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Сямёну Снытко ішоў 16 год.  З-за ўзросту ў дзеючую армію яго не прызвалі, і хлопец быў вымушаны заставацца на акупіраванай тэрыторыі. Неўзабаве ў вёску пачалі даходзіць чуткі аб тым, што дзесьці паблізу з’явіліся партызаны.  А хутка яны завіталі на сядзібу дзядулі.

— Быццам сёння памятаю, як адзін народны мсцівец сказаў мне: “Хлопча, у цяжкі для нашай радзімы час мы павінны быць разам”, — дзеліцца ўспамінамі Сямён Антонавіч. – З таго дня я стаў партызанскім сувязным.

У далейшым С. Снытко ваяваў у партызанскім атрадзе № 8, які базіраваўся на тэрыторыі Бялыніччыны, Шклоўшчыны і Кругляншчыны, а ў 1944 годзе ўліўся ў рады Чырвонай Арміі. Прайшоў  франтавымі дарогамі Польшчы, Германіі, фарсіраваў Одэр, сустракаўся з саюзнікамі на Эльбе. Неаднаразова глядзеў смерці ў вочы, але лёс ратаваў яго. “Нарадзіўся ў сарочцы”, — заўважалі баявыя таварышы. Перамогу салдат сустрэў з медалём “За адвагу” і ордэнам Чырвонай Зоркі на грудзях.

На малую радзіму ў Вялікую Машчаніцу Сямён Антонавіч вярнуўся толькі праз пяць гадоў. Скончыў педагагічны інстытут, ажаніўся на мясцовай дзяўчыне і пачаў наладжваць сялянскі быт.

За гады працы ў Машчаніцкай сярэдняй школе ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны зарэкамендаваў сябе вельмі добрасумленным, шчырым і надзейным чалавекам, таленавітым настаўнікам. Яго заслугі на педагагічнай ніве не засталіся незаўважанымі. Да баявых узнагарод прыбавіўся ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Зараз Сямёну Антонавічу 85 гадоў. Нягледзячы на ўзрост, ён захаваў бадзёрасць духу і любоў да жыцця.

— Канешне, здароўе ўжо не тое, што ў маладосці, — заўважае ветэран. – Дае знаць і кантузія, якую атрымаў у 1944 годзе. Аднак, на жыццё сваё скардзіцца не магу. Побач са мной знаходзіцца жонка Вольга Іванаўна, з якой мы ў ладзе і згодзе жывём каля 60 гадоў. Радуюць таксама дзеці, унукі і праўнукі. Апошніх у нас два: Роберт і Агатка.

Калі ўсе пакаленні сям’і Снытко прыязджаюць у Машчаніцу, у доме № 24 па вуліцы Савецкая – сапраўднае свята. Сямён Антонавіч і Вольга Іванаўна не могуць нарадавацца, што іх крывінкі бачаць выбухі снарадаў і бомбаў толькі па тэлевізары.

Дарэчы, ваенныя фільмы ветэран імкнецца не глядзець: апісаныя ў іх падзеі прымушаюць зноў вяртацца ў гады ваеннага ліхалецця і перажываць усе жахі, з якімі давялося сутыкнуцца ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

А вось сустракацца з моладдзю Сямёну Антонавічу прыемна. А таму і  не дзіва, што ён – часты і дарагі госць у Машчаніцкай школе. Не абыходзяцца без яго і мітынгі каля помнікаў загінулым байцам.

Кожны раз звяртаючыся да цяперашняга пакалення, ветэран жадае ім, нярэдка ў вершаванай форме ( больш за 40 гадоў ён піша вершы) шчасця, дабрабыту і чыстага неба над галавой.

Не мае мяжы і ўдзячнасць да яго нашчадкаў. Школьнікі рэгулярна наведваюцца да ветэрана, па магчымасці, аказваюць дапамогу. Не забывае і мясцовая ўлада. Часта тэлефануюць работнікі сельсавета і цікавяцца надзённымі клопатамі. І ці варта казаць, што ўсе просьбы гэтага заслужанага чалавека аператыўна выконваюцца. Вось і нядаўна ён звярнуўся ў сельвыканкам з просьбай прывезці дровы. Яна адразу ж была задаволена.

— Хачу сказаць вялікі дзякуй і кіраўніцтву раёна, якое не застаецца ўбаку ад праблем ветэранаў і інвалідаў вайны, — падсумоўвае Сямён Снытко. – Прыемна адчуваць, што нас цэняць і паважаюць. А ці не гэта самае галоўнае для чалавека?

Іна КАРАЛЁНАК.

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз
Ці падабаецца Вам, што сайт zara.by беларускамоўны?
  Так! Мне гэта падабаецца.
  Не! Лепш рабіць сайт на рускай мове.
  Мне ўсё роўна.