Пятнiца, 10.9.2010
№58 (9614) ад 28.07.2010
Вёска: дзень за днём
Гарачыя будні
24.07.2010

На палях сельгаспрадпрыемстваў раёна даўгунец размешчаны сёлета на 600-х гектарах, 150 з якіх – у СВК “Ількавічы”.  Тут ужо некалькі дзён праходзіць першы этап уборкі адной з самых прыбытковых сельскагаспадарчых культур. Пакуль што на церабленні льну-зелянцу заняты тры агрэгаты: прычапны камбайн “ЛК-4”, самаходны – “КЛС-3,5” і самаходная льноцерабілка “ЛТС-2”.

Да вырошчвання “паўночнага шоўку” мясцовыя льнаводы падышлі вельмі сур’ёзна і прафесійна. Як адзначыў у гутарцы старшыня праўлення кааператыва Віктар Крыванос, пад лён адведзены адзін кампактны контур з кіслотнасцю глебы – рН, роўнай 6,5 адзінкі. На кожны гектар унеслі па 400 кілаграмаў спецыяльных комплексных угнаенняў, а сяўбу правялі ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны элітным насеннем сартоў “Магілёўскі”, “Ліра” і “Дашкаўскі”.

І даўгунец удаўся – даўжыня сцяблін складае па 120 сантыметраў. Праўда, як гэта часта здараецца ў раслінаводстве, свае негатыўныя карэктывы ў інтэнсіўную тэхналогію вырошчвання культуры ўнесла надвор’е: пад моцным ветрам лён на значнай плошчы пакруціўся ў вязьмо, палёг. Менавіта апошняя акалічнасць цяпер вельмі абцяжарвае працэс яго цераблення, перашкаджае льнаводам забяспечваць высокую прадукцыйнасць тэхнікі.

— У працэсе догляду пасеваў былі выкарыстаны ўсе хімічныя прэпараты, якія рэкамендуюць навукоўцы, — адзначае галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Аляксандр Сідарэнка. – Супраць пырніку, напрыклад, апрацавалі ўсходы гербіцыдам “міура” ў разліку адзін літр хімпрэпарату на гектар, а для прафілактыкі розных захворванняў выкарыстоўвалі “феразін” і “кас”. Свой станоўчы эфект далі і мікраўгнаенні “экаліст монабор” і “экаліст монацыні”.

Зазначым, што Аляксандр Анатольевіч з чырвоным дыпломам скончыў агранамічнае аддзяленне сельскагаспадарчага каледжа ў сталіцы Кыргызстана горадзе Бішкеку і цяпер працягвае вучобу на агранамічным факультэце беларускай сельгасакадэміі. Малады спецыяліст імкнецца ўкараняць перадавыя тэхналогіі на вырошчванні льну.

Сапраўды, такі падыход да справы сябе ўпаўне апраўдвае, і цяпер ільнаводы стараюцца як мага якасней убраць ураджай і рэалізаваць трасту на перапрацоўчыя прадпрыемствы вышэйшым нумарам якасці.

Агрэгат з прычапным камбайнам ЛК-4 паволі рухаецца ўсцяж загону, пакідаючы наўзбоч роўныя стужкі залаціста-зялёнага даўгунцу. Раз-пораз механізатар Аляксандр Кісялёў вымушаны спыняць трактар і, заглушыўшы рухавік, як таго патрабуюць правілы тэхнікі бяспекі, рукамі бярэцца чысціць “ручаі” камбайна, у якіх літаральна закліньваюць пакручастыя пасмы льну.

— Ладоні гараць ад шурпатых, нагрэтых сонцам сцяблін, — мовіць Аляксандр Міхайлавіч. – Але ж іншага спосабу цераблення палегліцы навука пакуль што не прыдумала. Хіба толькі ўручную, як рабілі нашы продкі... Вельмі-вельмі цяжка даецца гэта тэхналагічная аперацыя.

Вызваліўшы “ручаі” ад пакручастых пасмаў “зелянцу” і адпіўшы з тэрмасу вады , цярплівы і засяроджаны льнавод зноў сядае за руль трактара. Цікаўлюся ў галоўнага агранома нормай выпрацоўкі і ўмовамі аплаты працы на церабленні льну. Як выявілася, зменная норма тут вызначана ў 1,3 гектара. Выканаўшы яе, што, між іншым, ва ўмовах гарачага надвор’я, якое сёлета склалася падчас уборкі, далёка не проста, механізатар атрымае каля 30 тысяч рублёў.

Па суседнім загоне гэтак жа павольна, з частымі прыпынкамі, вядзе самаходную льноцерабілку Мікалай Глушакоў. Шырыня захопу агрэгата складае 2,8 метра. І тут таксама адмоўна адбіваецца на прадукцыйнасці працы стан даўгунцу.

— На ўборку “паўночнага шоўку” я прыехаў сюды аж з Кіраўскага раёна, — тлумачыць Мікалай Мікалаевіч. – Развіццю льнаводства дзяржава надае вялікую ўвагу, таму гаспадаркам, якія вырошчваюць гэтую тэхнічную культуру, аказваецца цэнтралізаваная дапамога.

Трэба адзначыць, што ў СВК “Ількавічы” сустрэлі прыезджага льнавода вельмі добра. Для яго створаны аптымальныя бытавыя ўмовы, забяспечана харчаванне.

Амаль на палове 150-гектарнага льнянога палетка даўгунец пасцелены ўжо для ўтварэння так званага лубу, які з’яўляецца паказчыкам трываласці валакна. Ліпеньскія росы садзейнічаюць яго добрай вылежцы, і літаральна праз два тыдні першую партыю трасты можна адпраўляць на льнозавод.

Па папярэдніх падліках, прыбытак у выніку паспяховай рэалізацыі сыравіны складзе тут па тры мільёны рублёў з кожнага гектара. Гэта ўпаўне прымальны варыянт для стымуляцыі далейшага развіцця льнаводства.

Васіль ДЗЕРАВЯШКА.

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз
Ці падабаецца Вам, што сайт zara.by беларускамоўны?
  Так! Мне гэта падабаецца.
  Не! Лепш рабіць сайт на рускай мове.
  Мне ўсё роўна.