Чацвер, 9.9.2010
№69 (9625) ад 04.09.2010
Творчыя праекты / Натхненне / Канстанцін Карнялюк. Землякі
Канстанцін Карнялюк. Землякі

ЗЕМЛЯКІ

РАЗУМНЫ КОНЬ

Лета. Гарачыня. Паветра ажно звініць, нават струменіць. Родная вёска. Цішыня. Прыслухоўваюся. Не, недзе ўсё ж такі гамоняць. У канцы вёскі сабраліся ўсе – і малыя, і старыя. Крычаць, смяюцца, сварацца. Наперадзе ўсіх Паша, які заслужыў ад аднавяскоўцаў мянушку Жартаўнік. Ён ледзьве стаіць на нагах... Пытаюся, што здарылася?

— Зранку Жартаўнік па-спрачаўся з Іванам, што каня можа напаіць самагонкай і ў хату завесці. Улілі каню самагонкі, той захмялеў, каленкі падагнуў, галаву апусціў і ў хату ўвайшоў... А цяпер не можам яго адтуль выцягнуць. Ужо чатыры гадзіны прайшло. Конь працверазеў і назад не ідзе. Мусіць, спадабалася ў чалавечым жыллі. А самагонкі ні ў каго няма, каб зноў даць. Трэба, відаць, хату разбіраць... Спрачаемся, адкуль пачынаць – з прасценкаў ці з даху? Трэба нешта рабіць!

Праз нейкі час конь сам выйшаў з хаты. Мусіць, так і не дачакаўся апахмелкі. Усе супакоіліся. Цяпер чакаюць, што яшчэ прыдумае Жартаўнік, каб пацешыць землякоў.

ЛЕПШ ПЕХАТОЙ

У новай чырвонай легкавушцы едзем з райцэнтра ў вёску са старшынёй калгаса. Гутарым пра тое-сёе, пра будучы ўраджай. Бачым, наперадзе ідзе бабулька Феня з кійком. Старшыня малады, на гэтай пасадзе толькі месяц, мясцовых усіх яшчэ не ведае. Кажу яму:

— Прыпыніся. Давай падвязём старога чалавека.

Прыпыніліся. Запрасілі ў машыну. Зручна ўсеўшыся, схаваўшы кіёк, бабка Феня паківала галавой і сказала:

— А ў нас навін поўна. Месяц назад прыслалі новага старшыню. Я яго яшчэ не бачыла. Ён у поле ці на мехдвор ні нагой, мужыкі кажуць, што дурань дуранем. Толькі сваю чырвоную машыну ганяе цэлы дзень, пыл па вёсцы паднімае. Ці ж так можна? Адным словам, дурань дуранем...

Старшыня паварочваецца назад і кажа:

— Гэта ж я новы старшыня!

— Ах, бацюхны!.. Ужо калі ты мяне падвозіш, то й добры?! Прыпыні машыну. Я й пехатою дайду.

Вылезла з машыны і пайшла сцяжынкай да вёскі.

ЗАГАД ЁСЦЬ ЗАГАД

Цётку Ірыну перавялі працаваць на прахадную. Днём сядзела на вахце, а вечарам прыбірала ў майстэрні. Добра працавала. Але вось выйшаў загад. Пасля васьмі раніцы ў майстэрню нікога не пускаць, каб не спазняліся. Ірына загад выконвала таксама строга. Неяк у дзесяць раніцы ідзе праз прахадную галоўны інжынер Рыгоравіч. Ірына ў дзвярах не прапускае:

— Рыгоравіч, вы куды?

— У майстэрню. Куды ж яшчэ?

— Нельга пасля васьмі, не пушчу.

— Я ж галоўны інжынер!

— А хоць сам Бог. Нельга – ёсць загад... Ну ладна, не сярдуйце... Як трэба, дык трэба. Толькі пералязайце цераз агароджу, я не магу не выконваць загадаў...

 Канстанцін КАРНЯЛЮК.

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз