Пятнiца, 10.9.2010
№70 (9626) ад 08.09.2010
Творчыя праекты / Натхненне / Выданні. Часопіс \"Маладосць\"
Выданні. Часопіс \"Маладосць\"

ЧАСОПIС «МАЛАДОСЦЬ» – БРЭНД СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ЛIТАРАТУРЫ

Калi вы хочаце даведацца аб тым, хто такiя сарматы, калi вам падабаюцца нечаканыя павароты сюжэта, абавязкова пацікаўцеся новым прыгоднiцкiм раманам Максiма Клiмковiча i Уладзiмiра Сцяпана «Сармацкi партрэт». Ён будзе змешчаны пачынаючы з дванаццатага нумара ў часопiсе «Маладосць».

...Маўклiвыя, як каменныя слупы, латышскiя стралкi перанеслi езуiцкi скарб з сутарэнняў у кабiнет Антона Маркава. Паставiлi дзве скрынi на стол, паднялi накрыўкi. Краеўскi ўзяў у правую руку аловак, а спiс у левую. Пералiчылi, перабралi i перагледзелi кожную рэч — усё сышлося да апошняга. Краеўскi i Маркаў задаволена з палёгкай ўздыхнулi.

— А з дошкай што рабiць? — спытаў Маркаў.

Краеўскi ўзяў невялiкую дошку, сцёр рукавом пыл. 3 яе пазiраў сцямнелы ад часу вусаты шляхцiч.

— Хто такi?

— Не святы, — адказаў Маркаў. — Я гэтую дошку нават у спiсы не ўносiў. Якая з яе каштоўнасць для рэвалюцыi?

Латышы пачалi парадкаваць скарб па скураных сакваяжах з замочкамi. Стол, якi яшчэ паўгадзiны таму iльснiўся i зiхцеў, зрабiўся пустым i сумным, як пакой, з якога выцягнулi ўсё – да апошняга дзiцячага зэдлiка.

За вокнамi на пляцы чулiся ўзбуджаныя крыкi. Вецер трапаў кумач сцягоў i лозунгаў, якiмi бальшавiкi паўпрыгожвалi старажытны, але занядбаны горад. Праз пляц урачыста i пакуль маўклiва прайшоў аркестр.

Антон Маркаў, паголены, у новай гiмнасцёрцы, з ордэнам на грудзях, задаволена пацiраў рукi, калi схаваў у тэчку распiску на скарбы, атрыманую ад Краеўскага.

— А цяпер на мiтынг. Народ чакае, — як гаспадар, гасцiнна запрасiў Маркаў. Краеўскi замкнуў карычневыя важкiя сакваяжы, схаваў ключыкi ў кiшэнь.

— Затрымацца, на жаль, не зможам. Як прыйдзе ваш бранявiк, то едзем на станцыю... — шэптам паведамiў Краеўскi. – Як тэлеграф, працуе?

— Пакуль яшчэ не зрабiлi, але хутка наладзяць, — азваўся ўсмешлiвы маладзён у наваксаваных ботах.

— Справы — ёсць справы, — прагучала ў адказ. — Сокал, таварышам паёк у дарогу.

Падначалены паставiў на стол пляцачок. Латыш закiнуў яго на дужае плячо.

— Чым багатыя, таварышы.

Латышскiя стралкi стрымана кiўнулi. Краеўскi глядзеў з дзiцячым захапленнем на вялiзны паветраны шар за вакном, па шчаках прабягала сутарга.

У перадпакоi, калi ўсе выйшлi на калiдор i рушылi да сходаў, Маркаў крыху затрымаўся, паклаў далонь на плячо свайго падначаленага, сцiснуў.

— Тут заставайся. Як толькi тэлеграф запрацуе, дашлеш вось гэта, — на вуха прашаптаў галоўны мсцiслаўскi чэкiст. — Больш паперы — чысцей... Сам разумееш, не дзiця. Няхай сустракаюць там герояў.

— Зраблю, — Сокал схаваў у кiшэнь перакладзеную на чатыры паперку.

— Калi што якое, я на мiтынгу, там i шукай.

— Гэта ж два пуды таго золата, — цокнуў малады чэкiст услед латышам i свайму начальнiку, якi подбегам рушыў даганяць Краеўскага...

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз