Пятнiца, 10.9.2010
№70 (9626) ад 08.09.2010
Творчыя праекты / Бялыніччына спартыўная / Чалавек і яго справа. Выхавальнік чэмпіёнаў
Чалавек і яго справа. Выхавальнік чэмпіёнаў

У дзяцінстве любімай цацкай Ігара Духовіча з вёскі Малы Кудзін Галоўчынскага сельсавета быў самалёт. Бацькі добра аб гэтым ведалі, а таму на кожнае свята дарылі сыну новую мадэль паветранай машыны.

Стаўшы дарослым, Ігар не змяніў свайму захапленню, наадварот, з яшчэ большай цікавасцю пачаў вывучаць мадэлі самалётаў, радыётэхніку. А пасля і адукацыю атрымаў адпаведную: скончыў Калінінградскае авіяцыйнае вучылішча.

А таму і не дзіва, што калі тры гады таму на базе Кудзінскай школы адкрыўся філіял маладзёжнага мнагапрофільнага цэнтра, менавіта І. Духовічу прапанавалі стаць кіраўніком авіямадэльнага і радыётэхнічнага гурткоў. Дырэкцыя ММЦ добра ведала, што Ігар Алегавіч – чалавек апантаны любімай справай, і навучэнцаў сваіх зробіць такімі ж.

Школьнікі з вялікай цікавасцю сталі запісвацца ў гурткі. Асаблівай папулярнасцю карыстаўся гурток авіямадэлізму. Яго наведвалі каля дваццаці хлопчыкаў.

— У пачатку мае выхаванцы выраблялі простыя мадэлі самалётаў, так званыя трэнажныя, — расказвае Ігар Духовіч. – Зараз жа мы працуем над стварэннем хуткасных мадэляў, радыёкіруемых планераў, мадэляў паветранага бою.

Матэрыял для будучых мадэляў я падрыхтоўваю ўлетку разам са сваімі рабятамі са звычайнай ліпы. Мы яго высушваем, апрацоўваем і толькі пасля гэтага вырабляем мадэлі паветраных машын.

Дарэчы, самы малодшы наведвальнік гуртка авіямадэлізму вучыцца ў чацвёртым класе, а самыя старэйшыя ў гэтым навучальным годзе перайшлі ў выпускны – адзінаццаты клас.

Ігар Алегавіч зараз можа ганарыцца сваімі гурткоўцамі. Многія з іх праявілі сябе не толькі на раённым узроўні, але і на абласных, і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Так, Аляксей Нізаўцоў заняў трэцяе месца на абласных спаборніцтвах па радыёпланерызму. Раман Галубцоў і Максім Духовіч у гэтым годзе сталі пераможцамі рэспубліканскіх спаборніцтваў па паветранаму бою. Апошні з’яўляецца і пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў у класе пілатажных мадэляў.

Раман Галубцоў, Максім Духовіч і Мікіта Чайкоўскі  нядаўна былі ўключаны ў абласную каманду аэраклуба ДТСААФ.

Акрамя гэтага, добрыя вынікі ў авіямадэльным спорце паказваюць Дзмітрый Кузняцоў і Сяргей Домніч. 

Варта адзначыць, што Максім Духовіч з’яўляецца сынам Ігара Алегавіча. Менавіта ад бацькі яму перадалася любоў да самалётаў і радыётэхнікі. І зараз хлопец аб гэтым ніколькі не шкадуе. Наадварот, мара звязаць свой лёс з ваеннай авіяцыяй.
— Вялікае шчасце, калі самалёт, які ты зрабіў сваімі рукамі, узлятае ў неба і парыць над нашымі галовамі, — гаворыць Максім. — Я вельмі ўдзячны свайму тату за тое, што ён адкрыў мне незвычайны свет авіямадэлізму.

У бліжэйшым будучым Ігар Алегавіч плануе навучыць авіямадэльнаму спорту і сваю дачку – чацвёртакласніцу Дашу. Яна ўжо зараз з вялікім захапленнем сочыць за працэсам стварэння новых мадэляў самалётаў. І, магчыма, праз некалькі гадоў ужо ёй давядзецца адстойваць гонар нашага раёна на якіх-небудзь абласных або рэспубліканскіх спаборніцтвах.

— Ігар Духовіч – вельмі таленавіты чалавек, — адзначыла дырэктар маладзёжнага мнагапрофільнага цэнтра Святлана Зайкоўская. – Пра такіх гавораць: спецыяліст ад Бога. І гэта сапраўды так. Ён па-бацькоўску адносіцца да ўсіх сваіх выхаванцаў, па-сяброўску — да сваіх калег. І я магу з упэўненасцю сказаць, што ён выхавае яшчэ не адно пакаленне чэмпіёнаў.

Ёсць у Ігара Алегавіча і яшчэ адно цікавае захапленне. Некалькі гадоў таму ў сябе дома ён стварыў кароткахвалевую радыёстанцыю. І зараз амаль кожны вечар ён слухае цікавыя перадачы з розных краін свету. А здараецца, што ён сам выходзіць у эфір і  размаўляе са сваімі слухачамі.

Іна КАРАЛЁНАК.

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз