Пятнiца, 10.9.2010
№70 (9626) ад 08.09.2010
Творчыя праекты / Бялыніччына спартыўная / Здаровы лад жыцця. Фізкультурнік, ён і ў пяцьдзесят – спартсмен
Здаровы лад жыцця. Фізкультурнік, ён і ў пяцьдзесят – спартсмен

Здаровы лад жыцця ўсё паўней і трывалей знаходзіць сталую прапіску ў калектывах прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і гаспадарак Бялыніччыны.

Адной з такіх арганізацый, дзе не толькі прыхільна вітаецца вядзенне здаровага ладу жыцця, але і аказваецца гэтаму руху ўсялякая магчымая падтрымка, з’яўляецца ДЭУ-74 РУП “Магілёўаўтадар”.

Напрыклад, усе работнікі ўпраўлення, якія сябруюць з фізкультурай і спортам, маюць магчымасць круглы год трэніравацца. Дзеля гэтага не адзін год адміністрацыя ДЭУ-74 спецыяльна арэндуе спартыўную залу ў маладзёжным мнагапрофільным цэнтры. Улетку спартсмены-дарожнікі шліфуюць сваё фізкультурнае майстэрства на стадыёне САШ № 2 г.п.Бялынічы.

Таксама ўпраўленне мае ўсё неабходнае для развіцця і падтрымкі лыжнага спорту.

Зараз тут паспяхова вырашаюцца канкрэтныя пытанні, накіраваныя на стварэнне ўласнай спартыўнай базы. Праўда, што яна будзе ўяўляць сабой, то гэта пакуль трымаецца ў сакрэце.

Такая ўвага да спорту, вядзення здаровага ладу жыцця, якую праяўляе дырэкцыя ДЭУ-74 і прафсаюзны камітэт, спрыяюць таму, што іхняя спартыўная каманда на чале з галоўным механікам Міхаілам Шчацінкам не толькі рэгулярна прымае самы актыўны ўдзел у зімовых і летніх спартакіядах РУП “Магілёўаўтадар”, але і заўсёды ўваходзіць у тройку лепшых. Напрыклад, у зімовай спартакіядзе бягучага года яна заняла агульнакаманднае трэцяе месца, а ў летняй, што прайшла зусім нядаўна на базе Магілёўскага спартыўнага комплексу “Лакаматыў”, — другое.

Прычым, у такіх відах спаборніцтваў, як перацягванне каната, гіравы спорт і некаторых іншых бялыніцкім дарожнікам не было роўных.

Сапраўднай гордасцю спартыўнай каманды ДЭУ-74 з’яўляюцца вадзіцелі Віктар Давыдаў і Міхаіл Ходараў. Маючы за ўласнымі плячыма больш як па пяцьдзесят пражытых гадоў, Віктар Піліпавіч і Міхаіл Паўлавіч ніколькі не адстаюць у спартыўных дасягненнях ад куды маладзейшых калег. Напрыклад, Віктар Піліпавіч на 800-метровым забегу летняй спартакіяды РУП “Магілёўаўтадар” паказаў чацвёрты вынік.

Думаецца, што з пабудовай уласнай спартыўнай базы колькасць аматараў фізічнай культуры, прыхільнікаў здаровага ладу жыцця ў ДЭУ-74 значна павялічыцца.

Міхась ЗАВЕЙНЫ.

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз