“Прывіць падрастаючаму пакаленню любоў да будучай справы ўсяго жыцця” – дэвіз настаўніцы хіміі і біялогіі Алены Варапаевай

Вучні настаўніцы хіміі і біялогіі Вішоўскай СШ Алены ВАРАПАЕВАЙ рэдка памыляюцца з выбарам будучай прафесіі. Яны паспяхова ўліваюцца ў медыцынскую, педагагічную, сельскагаспадарчую і вытворчую сферы. І калі нават іх занятак ніяк не звязаны з вышэйпералічанымі галінамі, усё роўна яны з цеплынёй успамінаюць навучанне ў школе як самы лепшы час свайго дзяцінства.
Прывіць падрастаючаму пакаленню любоў да будучай справы ўсяго жыцця, заахвоціць вучняў тым, чым «гарыш» сам, – задача даволі складаная, але ж і выканальная. Шмат гадоў таму Алена Юр’еўна, займаючыся на ўроках у свайго педагога і класнага кіраўніка Валянціны ІВАНОВАЙ, усур’ёз захапілася хіміяй і біялогіяй.
– І гэтым нельга было не зацікавіцца, – распавядае Алена Варапаева. – Валянціна Савельеўна давала нам не толькі тэарэтычныя веды, але і практычныя навыкі, якія ў будучым усе мы так ці інакш выкарыстоўвалі ў сваім жыцці. Пасля заканчэння школы я паступіла ў МДУ імя А. Куляшова на факультэт прыродазнаўства, скончыла яго з адзнакай, размеркавалася на Бялыніччыну ў Лебядзянкаўскую СШ, затым працавала ў Свяцілавічах, а з 2014 года прыйшла на працу ў родную школу ў аграгарадку Вішоў. Біялогія, дарэчы, была адным з самых любімых прадметаў майго старэйшага сына Аляксандра. Ён атрымаў медыцынскую адукацыю і зараз працуе ўрачом-інтэрнам у Магілёўскай абласной бальніцы. Чвэрць стагоддзя ў педагагічнай сферы, пагадзіцеся – не малы тэрмін. Алена Юр’еўна адзначае, што гэты час праляцеў на адным дыханні. У кожным калектыве яе заўсёды чакаў цёплы прыём, было на каго раўняцца, вядома ж, і з вучнямі яна хутка знаходзіла агульную мову.
– Дзеці – гэта асобы са сваімі добрымі і адмоўнымі бакамі, яны заўсёды бачаць няшчырасць, некампетэнтнасць, абыякавасць, таму для настаўніка прыходзіць на ўрок непадрыхтаваным нароўні са злачынствам, – гаворыць Алена Варапаева.
Падрабязны матэрыял чытайце ў нумары 8 раённай газеты ад 28 студзеня 2023 года.