Темы

У госці да чапляў і чомгі

У госці да чапляў і чомгі

Кружаць у нябеснай вышыні над Бялыніччынай белыя буслы. Над зелянінай лугоў, над шырокімі нівамі і неабсяжнымі плошчамі густых лясоў, якімі, дарэчы, наш раён пакрыты больш чым напалову. Павесіўшы за плечы рукзакі, узяўшы ў рукі кошыкі, патокам накіроўваюцца гараджане ў летні сезон за дарамі прыроды ў зялёныя гушчары. Вось і мы вырашылі не прапусціць сезон і адправіліся на гэты раз падарожнічаць па родным краі менавіта па самых запаветных яго кутках.


«Бялыніччына турыстычная» – так называецца база даных, сабраная работнікамі нашай раённай бібліятэкі і даступная для азнаямлення на яе сайце. Для падарожжаў прапануецца 4 маршруты, і  кладзены яны па матэрыялах, якія нярэдка публікаваліся ў нашай раёнцы, і інфармацыі з краязнаўчых кніжных зборнікаў. Мы вырашылі праехаць па адным з маршрутаў і выбралі «самы прыродны», на якім улетку можна палюбавацца прыгажосцю густых хваёвых лясоў і шырокіх пойменных лугоў, казачнымі прыроднымі вадаёмамі, абжытымі дзікімі птушкамі і жывёламі. А таксама – дакрануцца да жыцця і побыту вёсак, якія знікаюць ужо з твару зямлі, але дзякуючы старажылам усё яшчэ дыхаюць прастатой, гасціннасцю і душэўнасцю былых часоў. 

Маршрут: Хвойна – Лубяны – Іскра – Кардон – Ількавічы – Адверніца.

Хвойна

У саму вёску мы не заязджалі. Галоўная яе славутасць – хвайнянскае возера – знаходзіцца ледзь убаку. Рухаючыся па трасе Р77, якая выходзіць з райцэнтра праз Навасёлкі, трэба праз некалькі кіламетраў звярнуць налева. У тых, хто не знаёмы з перадгісторыяй вадаёма, ужо на пад’ездзе да яго могуць узнікнуць пытанні. У некалькіх метрах ад возера, справа ад вядучай да яго грунтоўкі, у залеску – вялікая асфальтаваная пляцоўка, старая і даўно не рамантаваная. Пад’езд жа да вадаёма, спуск да яго акантаваны нізка спілаванымі тоўстымі металічнымі трубамі, што тырчаць з зямлі. Прама ля берага з вады віднеецца велізарны іржавы каркас, падобны на борт патанулай жалезнай баржы. Усё гэта – рэшткі былой «цывілізацыі»: у савецкія часы тут здабывалі сапрапель – клейкі грунт, багаты мікраарганізмамі, і дадавалі яго для павышэння ўраджайнасці ў глебу калгасных палёў. А на асфальтаванай пляцоўцы стаяў вялізны ангар для складзіравання здабытага сапрапелю. Акружаны лесам вадаём – прыгажосці казачнай, так і просіцца на палатно ўмелага жывапісца. Рыбы тут, вядома, ужо не столькі, колькі было да таго, як возера ўзялі ў распрацоўку. Але рыбакі прыходзяць пасядзець на беразе з вудай. А ўвосень у навакольныя балоты накіроўваюцца ягаднікі – гэта вельмі багатыя на журавіны месцы.

Лубяны

Аб ураджаях цыбулі, якія збіралі ў гэтай вёсцы, па раёне хадзілі легенды. У мясцовых жыхароў нават мянушка была – «цыбульнікі». Кажуць, на кірмаш у Бялынічы яны вазілі цыбулю прадаваць цэлымі вазамі, ды якую – кожная памерам з каціную галаву. Памятаюць: дахі перакрывалі, платы ставілі на атрыманыя за цыбульны ўра – джай грошы. Сёння лубянцы наракаюць: на жаль, мінулі тыя часы. Таццяна Рыгораўна Харытонава наогул засмучана сваім «цыбульным» ураджаем у гэтым годзе. Яна працуе паштальёнам і дакладна ведае, што ўрадзіла гэтая гародніна мала ў каго з яе суседзяў. Хіба што Марыя Васільева можа парадавацца – капаць свае цыбульныя пасадкі жанчына нават памочнікаў выклікала. А вось старажылка вёскі Надзея Мікітаўна Скубілава (на фота) заўважыла: горш родзіць цыбуля са сваёй «сямейкі», куплены «сявок» вырастае і буйней, і хварэе менш. Ці то вырадзіўся ў любянцаў «фірмовы» пасадачны матэрыял, ці то карысныя рэчывы з глебы з гадамі выпусташыліся?!
Але не ў цыбулі шчасце! На выцягнутай у доўгую стужку вясковай вуліцы бушуюць за платамі зелянінай агароды, зіхацяць на сонцы ярка пафарбаванымі бакамі падрамантаваныя хаткі – нашчадкі клапатліва ставяцца да бацькоўскай спадчыны. Вёска жыве. Хай сабе і іншым жыццём, чым раней!

Іскра

На маршруце, распрацаваным супрацоўнікамі раённай бібліятэкі, балоціста-лясістыя наваколлі старой часткі аграгарадка Іскра падаюцца як «баброва-чаплінае» царства: «Калі крочыць па лузе ды сасновага лесу, можна патрапіць у яшчэ адну адметную мясціну, што падпірае Іскру на захадзе. На самых макавінах соснаў асцярожныя і даволі рэдкія ў нас шэрыя чаплі пабудавалі сотні гнёздаў. Узнікла цэлая калонія птушак. Асабліва не любяць чаплі, калі ў сасоннік наведваецца чалавек у час вывядзення імі патомства. Уздымаюць такі вэрхал, дый «слядоў» свайго хвалявання на вашым адзенні пакінуць нямала». Напэўна, гэтых прадстаўнікоў жывёльнага свету можна сустрэць, забраўшыся ў зараснікі. Мы такой мэты не ставілі. Але сустрэлі Мікалая Лазоўскага каля яго дачнага дома ў старой Іскры, цяпер ён на пенсіі і праводзіць тут кожнае лета напралёт (у мінулым жа на працягу многіх гадоў кіраваў Бялыніцкім домам-інтэрнатам для састарэлых і інвалідаў). Мужчына расказаў, што шэрых чапляў ён на самой справе не так даўно бачыў. А што да баброў, дык бліжэй да балота жывуць іх цэлыя калоніі, перагарадзілі сваімі плацінамі затокі Друці. 

Кардон

Верагодна, з вёскай Кардон у далёкім мінулым звязаны нейкія прыгранічныя ваенныя падзеі. Прынамсі, такую выснову можна зрабіць з тлумачэння назвы. Сёння гэта адзін з самых крайніх населеных пунктаў раёна. За ракой Друць, уздоўж якой выцягнуўся Кардон, ужо – Кругляншчына. Яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў таму вёска размяшчалася на адкрытай мясцовасці. Перад ёй сцяліліся ворныя палі, а з-заду ажно да самай ракі – заліўныя лугі. Цяпер мясцовасць зарастае дрэвамі і хмызняком, і, відаць, вёска ўжо не можа «пахваліцца» сваімі адметнымі кліматычнымі асаблівасцямі. А вось найперш лічылася, што «зімой тут мароз на градус-два мацнейшы, чым у райцэнтры, ды і спякотным летам у Кардоне вялікая прахалода». Ці ўплываюць неяк тэмпературныя асаблівасці на ўраджай садавіны, мы не ведаем. Але трэба сказаць, нягледзячы на вясновыя замаразкі і летнюю засуху, ад яблыкаў дрэвы ў Кардоне літаральна хіляцца да зямлі, як нідзе на тэрыторыі раёна! 

Ількавічы

Вёску Ількавічы нездарма называюць лебядзіным краем. Невялікае возера на пад’ездзе да населенага пункта аблюбавалі гэтыя ганарлівыя прыгожыя птушкі. А яшчэ старажылы памятаюць і да гэтага часу з вуснаў у вусны перадаюць даўнюю легенду аб тым, «адкуль іх вёска пайшла». Нібыта шмат дзесяцігоддзяў таму жыў у гэтых месцах дзядок па мянушцы Ілька. Кароў пасвіў і любіў усялякія байкі расказваць. Усіх яго нашчадкаў Ількавічамі і празвалі.

Адверніца

З возера мы пачалі сваё падарожжа, на возеры і скончым – толькі на іншым, Адверніцкім, але з падобнай гісторыяй. Бліжэй да 1990-х гадоў тут, як і на хвайнянскім возеры, разгарнулі здабычу сапрапелю. «Загубілі возера… – наракаюць мясцовыя жыхары, – зніклі ліні, уюны, ракі». А раней, памятае тутэйшы старажыл Васіль Казлоў, кожны дзень на ваду выходзілі па 12-16 чаўноў, рыбу насілі мяшкамі, усім хапала, і яна не выводзілася. Старыя казалі, што першапачаткова гэта возера было нераставаннем Дняпра, рыба заходзіла сюды на нераст па Друці, а потым зноў выходзіла ў Днепр. Блішчыць срэбрам на сонцы шырокая роўнядзь азёрнай вады, акантаваная зелянінай дрэў і кустоў. Прыцягвае, як магніт, калі спускаешся да вадаёма ўніз, па пыльнай грунтоўцы. Кажуць, на вадзе можна сустрэць даволі рэдкую для нашай мясцовасці птушку – чомгу. Іншая яе пацешная назва – вялікая паганка. Так птушку празвалі за нясмачнае, з пахам рыбы, мяса. Пры гэтым выглядае яна эфектна дзякуючы рудаму «каўнерыку» і чорным «вушкам», якія нарастаюць толькі на цёплы перыяд года.

* * *

Пасляслоўе. Калі вы захочаце атрымаць асалоду ад прыроднай прыгажосці Прыдруччыны і вырашыце паўтарыць апісаны маршрут, прыміце да ўвагі параду. Усе населеныя пункты, якія мы наведвалі, знаходзяцца злева і справа ад трасы. Мы зварочвалі з яе да вёсак, потым зноў вярталіся на асфальт. Зручна было б, вядома, рухацца ад вёскі да вёскі прасёлачнымі дарогамі. Але рызыкаваць не раім: машын па іх з кожным годам ездзіць усё менш, узбочыны зарастаюць хмызнякамі, у ненакатанай грунтоўцы можна папросту завязнуць. Яшчэ адзін варыянт – сесці на веласіпед і адправіцца у  вандраванне не на чатырох, а на двух колах. 

Последние новости

Новости области

Новый проект “Моя жизнь. Мой путь. Мой Президент” стартует на “Марафоне единства” в Могилеве

21 ноября 2024
Читать новость
Новости Беларуси

МАЗ выпустил новый электрический мусоровоз

21 ноября 2024
Читать новость
Новости Беларуси

Совет Министров утвердил график переноса рабочих дней в 2025 году

20 ноября 2024
Читать новость
Новости области

«Марафон единства» прибывает в Могилев

20 ноября 2024
Читать новость
Главное

Чего Глава государства ждет от сельскохозяйственной отрасли

20 ноября 2024
Читать новость
РОВД информирует

“Сохрани себе жизнь!”: соблюдение ПДД – залог вашей безопасности

19 ноября 2024
Читать новость