Малады і амбіцыёзны «найстарэйшы»

Сяргей Пасюкоў у свае 29 гадоў хоць яшчэ і дастаткова малады, але на сённяшні дзень – адзін з трох супрацоўнікаў ААТ «Бялыніцкі пратэінавы завод», хто лічыцца ў штаце найбольшую колькасць гадоў.
Працаваць хлопец прыйшоў сюды яшчэ да сваёй тэрміновай службы ў войску. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта выбар у яго быў невялікі: уладкоўвацца ў якую-небудзь сельскагаспадарчую арганізацыю альбо на завод. Цяпер, зазіраючы ў мінулае, Сяргей адчувае, быццам працаваў увесь гэты час на двух розных прадпрыемствах.
Тое, куды ён уладкаваўся ў 2014 годзе, дажывала свой век на руінах савецкага мінулага. Хоць рэканструкцыя былога ветсанутыльзавода і пачалася, але справа ішла няхутка. Недагледжаныя, безнадзейна састарэлыя памяшканні завода, у большасці сваёй зношанае абсталяванне, непрадумана арганізаваны вытворчы працэс… Вяртацца па вечарах дадому тады інжынеру-энергетыку Пасюкову даводзілася з запэцканымі ў мазут рукамі – яны ўжо проста не адмываліся. Перыядычна здараліся аварыі – абсталяванне ламалася: выязджаць на рамонт нярэдка прыходзілася нават ноччу.
Іншая справа цяпер. Рэканструіраваныя памяшканні завода – сапраўдны шэдэўр інжынерна-будаўнічага майстэрства. Абсталяванне заменена на больш сучаснае, удасканаленае. Але галоўнае – эксплуатуюць яго зараз разумна і беражліва.
І адказвае за гэта ужо сам Сяргей Пасюкоў. З таго часу, як пасля службы ў войску ён уступіў у новую пасаду інжынера-механіка, хлопец мае ў падпарадкаванні 2 электрыкаў, 5 слесараў. Адказвае за спраўнасць заводскага аўтапарка, і, вядома ж, – за бесперабойнае функцыянаванне вытворчага абсталявання. Каб не здаралася нечаканых накладак і аварый, сёння на прадпрыемстве ў аснову ставяць прафілактыку. З аўторка па нядзелю катлы спраўна кругласутачна пыхкаюць, у баках бурліць – астанкі жывёлы ператвараюцца ў карысныя, запатрабаваныя сёння тлушчы і мясакосную муку. Увесь гэты час за іх працай назіраюць спецыялісты і прыкмячаюць, дзе нешта трэба наладзіць, пачысціць, якая дэталь патрабуе замены. У панядзелак жа
вытворчы працэс прыпыняецца, і «каманда» Сяргея прыступае да так званага планава-папераджальнага рамонту.
Вялізныя майстэрні на пратэінавым заводзе светлыя і прасторныя, увесь неабходны інвентар – пад рукой. Тут аб верагодных цяжкасцях клапоцяцца загадзя: перад нядаўнім падаражаннем набылі расходнікі да аўтамабіляў, змазачныя матэрыялы. І наогул, імкнуцца арганізаваць працу так, каб быць самадастатковымі – умець абслужыць усю сваю тэхніку самастойна, без звароту за дапамогай у іншыя канторы. Айчынныя аўтамабілі – МАЗы і ГАЗэль – пры неабходнасці рамантуюць самастойна, МАNы ў тутэйшым аўтапарку з’явіліся нядаўна, яны яшчэ знаходзяцца на 3-гадовай гарантыі, але інжынер-механік ужо паставіў сваёй брыгадзе задачу паціху шукаць падыход да рамонтнага абслугоўвання і гэтай «заморскай» тэхнікі. Тут нават атрымалі права праходзіць тэхагляд аўтамашын, не пакідаючы ўласных рамонтных майстэрняў.
Рукі ў інжынера-механіка, вядома, і сёння часам бываюць запэцканымі ў мазут – начальству таксама неабходна час ад часу «даваць майстар-клас» сваім падапечным. Але гэта ўжо далёка не тыя нервы і энергазатраты, якія даводзілася расходаваць да ўвядзення на прадпрыемстве інавацый.
Вялікая колькасць супрацоўнікаў завода пасля рэфармавання не справілася з новымі патрабаваннямі. Андрэй Кузняцоў, прыступіўшы да абавязкаў дырэктара, не звяртаў увагу на колькасць адпрацаваных гадоў, рабіў стаўку на жаданне аддана займацца сваёй справай і развівацца ў прафесіі. І Сяргею Пасюкову гэта палітыка прадпрыемства прыйшлася па душы.
У канцы працоўнага дня Сяргей Барысавіч разам з іншымі супрацоўнікамі прыводзіць сябе ў парадак у спецыяльна абсталяванай чысценькай сучаснай мыйнай. Хутка выхадныя, калі выпадае магчымасць правесці час разам з сям’ёй на прыродзе і заняцца любімым хобі – рыбалкай!