На Бялыніччыне прайшоў традыцыйны рэспубліканскі суботнік
На Бялыніччыне прайшоў традыцыйны рэспубліканскі суботнік. Актыўны ўдзел у працоўнай акцыі прынялі калектывы прадпрыемстваў, гаспадарак, устаноў і арганізацый, прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь, школьнікі, насельніцтва…
Удзельнікі суботніка займаліся добраўпарадкаваннем мемарыяльных комплексаў і помнікаў, могілак, пасадкай дрэў, наводзілі парадак у дварах, лясных масівах, на вытворчых аб’ектах і прылеглых да іх тэрыторыях, месцах адпачынку і агульнага выкарыстання.
Папрацаваў на суботніку, прыехаўшы ў гэты дзень на сваю малую радзіму, і старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Анатоль ЛАПО, які ў 1963 годзе нарадзіўся ў вёсцы Кулакоўка. Разам са старшынямі райвыканкама – Анатолем ШЧУПЛЯНКОВЫМ, райсавета дэпутатаў – Андрэем ГАНЧУКОМ, прадстаўнікамі арганізацый прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ, грамадскіх аб’яднанняў, кіраўнікамі і работнікамі шэрагу арганізацый, напрыклад, ЦРБ, райаддзела Дэпартамента “Ахова”, аддзела па адукацыі райвыканкама, Свяцілавіцкага ВПК ДС СШ і вучнёўскага пошукавага атрада “Следапыт” і інш. яны добраўпарадкавалі тэрыторыі і пасадзілі туі каля помніка землякам, воінам партызанам і мірным жыхарам, якія аддалі свае жыцці за свабоду і незалежнасць радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, што ў вёсцы Вялікі Трылесін, а таксама і на мемарыяльным комплексе “Стэфанова”.
Па інфармацыі кіраўніка рабочай групы па падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскага суботніка ў нашым раёне, намесніка старшыні райвыканкама Дзмітрыя ДАВЫДАВА бялынічане ў суботу 20 красавіка падчас працоўнай акцыі зарабілі больш за 11 тыс. рублёў. Удзел у суботніку прынялі 4600 чалавек. Палова гэтых сродкаў будзе накіравана на капітальны рамонт і мадэрнізацыю манумента Перамогі ў Мінску, астатнія пойдуць на падрыхтоўку загародніх дзіцячых аздараўляльных лагераў да летняга сезона, умацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, добраўпарадкаванне паселішчаў, рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю і аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, месц баявой і воінскай славы перыяду Вялдікай Айчыннай вайны.
Рахунак, на які неабходна пералічыць заробленыя на суботніку сродкі, надрукаваны ў № 31 “Зары над Друццю” за 20 красавіка.
Міхась КАРПЕЧАНКА.
Фота аўтара.