Памяць, якая ніколі не згасне
28 чэрвеня ў Бялынічах адбыўся шэраг урачыстасцей і мітынг з нагоды 75-й гадавіны вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
75 зім і вёснаў аддзяляюць нас ад таго трывожнага і страшнага часу, калі апошнія фашысцкія салдаты былі выгнаны з тэрыторыі нашага раёна. Яны пакінулі зруйнаваную зямлю, разбурэнні, нястачу. У час Вялікай Айчыннай вайны загінулі 3315 мірных жыхароў Прыдруцкага краю, 1697 чалавек былі вывезены ў Германію на прымусовыя работы. Вёска Сцефанова раздзяліла лёс Хатыні: фашысты цалкам спалілі яе з 90 жыхарамі.
Удзельнікі ўрачыстага мітынгу сабраліся каля помніка загінулым землякам у Месяцовым парку, каб яшчэ раз успомніць гэтыя жахлівыя старонкі нашай гісторыі і аддаць даніну памяці і павагі ўсім, хто абараняў нашу зямлю ад ворагаў.
На мерапрыемства завіталі намеснік старшыні Магаблвыканкама Андрэй КУНЦЭВІЧ, старшыня райвыканкама Анатоль ШЧУПЛЯНКОЎ, начальнік аддзялення пагранічнага кантролю “Магілёў” Аляксей ПУШКАРОЎ, старшыня РА прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ, Святлана ПАТАПЧЫК, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Віктар АРЖАНІКАЎ, кіраўнікі арганізацый, моладзь, жыхары райцэнтра. У якасці ганаровых гасцей перад прысутнымі выступіў узорны аркестр ансамбля Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.
Віншаванні з Днём вызвалення раёна выказаў старшыня райвыканкама Анатоль Шчуплянкоў. Ён адзначыў важнасць подзвігу ў першую чаргу нашых землякоў, якія змагаліся з ворагамі на франтах, на акупіраванай фашыстамі зямлі, а потым аднаўлялі разбураную народную гаспадарку.
Прывітальны адрас ад губернатара Магілёўскай вобласці Леаніда ЗАЙЦА зачытаў Андрэй Кунцэвіч.
– Прысутнасць на гэтым мерапрыемстве вялікай колькасці моладзі – добры знак таго, што памяць аб падзеях мінулай вайны не згасае, – падкрэсліў Андрэй Міхайлавіч. – Гэта значыць, што на Бялыніччыне помняць аб бессмяротных подзвігах нашых Герояў Барыса ХІГРЫНА, Асмана КАСАЕВА, Сяргея ЦЕРАШКЕВІЧА, Іосіфа СВІДЗІНСКАГА, Леаніда ЛОРЧАНКІ, Мікалая КІТАЕВА…
Асаблівыя словы падзякі Андрэй Кунцэвіч выказаў на адрас ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і тых, хто адраджаў малую радзіму з руін, здзяйсняў працоўныя подзвігі.
Падчас мітынгу ваенны камісар Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў Мікалай ГАМОЛКА ўручыў юбілейныя медалі “75 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” ветэрану ВАВ Віктару Аржанікаву, былому малалетняму вязню Генадзю ЮХНЕВІЧУ, старшыні РА ГА “Беларускі саюз ветэранаў у Афганістане” Віктару ПАДОЛЬСКАМУ, старшыням ветэранскай райарганізацыі Яўгену ЧАРНЯКОВУ і РА ГА “Беларускі саюз афіцэраў” – Аляксандру АПЕКУНОВУ, настаўніку Свяцілавіцкага ВПК ДС СШ Анатолю МАРОЗАВУ, намесніку дырэктара СШ № 2 Вользе СІМАНАВАЙ і кіраўніку аб’яднання па інтарэсах “Дынамавец” МЦ “Ветразь” Аляксандру ДАЛЖАНКОВУ.
Ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія па стане здароўя не змаглі прысутнічаць на ўрачыстасці ў гонар вызвалення нашага раёна, юбілейныя медалі ўручылі дома.
Напрыканцы мітынгу пад гукі аркестра пагранічнікаў адбылася цырымонія ўскладання кветак да помніка загінулым землякам. Іх светлую памяць ушанавалі традыцыйнай хвілінай маўчання.
З нагоды слаўнай даты – 75-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – у РЦК прайшоў канцэрт ансамбля Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.
Калектывы ўзорна-паказальнага аркестра, вакальнай і танцавальнай груп, а таксама салісты ансамбля падарылі прысутным бялынічанам святочны настрой. Са сцэны гучалі песні ваеннай тэматыкі, а таксама творы эстраднай музыкі, якія сёння на слыху ў кожнага. Таму гледачы не шкадавалі апладысментаў, цёпла сустракалі кожны нумар ансамбля і нават актыўна падпявалі.
– Упершыню прысутнічалі на канцэрце ансамбля і перадаць эмоцыі ў двух сказах проста немагчыма, – падзяліліся ўражаннямі пасля канцэрта бялынічанкі Кацярына АБРАЗЦОВА і Галіна МАРТЫНКЕВІЧ. – Усё прайшло, як на адным дыханні, у такой сяброўскай, душэўнай атмасферы. Было бачна, што кожны ўдзельнік ансамбля выклаўся на ўсе сто працэнтаў.
Напрыканцы канцэрта намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый ДАВЫДАЎ выказаў артыстам падзяку, павіншаваў усіх прысутных са святам і ўручыў калектыву ансамбля кветкі ад райвыканкама.
У фае РЦК размясцілася выстава работ выхаванцаў МЦ “Ветразь” “Беларусь помніць” і ДШМ – “Дзеці, якія не ведалі вайну, малююць Перамогу”.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК, Марыя БАРАНАВА.
Фота аўтараў.