Першая бялыніцкая чэмпіёнка БССР, альбо Шчаслівы 12-ы нумар
Найчасцей здараецца так, што фотаздымкі мы робім пад настрой, каб зафіксаваць пэўны эмацыянальны момант – уласны, сямейны, сяброўскі, калектыўны… І ў выключнай большасці выпадкаў пры гэтым не надаём фатаграфаванню вялікага значэння. Але праз некалькі дзесяцігоддзяў раптам прыходзіць усведамленне таго, што той самы здымак з сямейнага альбома робіцца сапраўдным рарытэтам, найкаштоўнейшым дакументальным фактам гісторыі не толькі твайго жыцця, тваёй сям’і, але і краіны.
Рэдакцыя газеты “Зара над Друццю” запрашае чытачоў прыняць удзел у сумесным творчым праекце “Гартаючы сямейны альбом”.
Каб стаць яго ўдзельнікам, вам, шаноўны чытач, трэба перагледзець свой сямейны альбом і выбраць з яго не менш за тры фотаздымкі, аб’яднаныя адной тэмай, адной эмоцыяй, прыпомніць, калі і з якой нагоды яны былі зроблены, што і каго зафіксавалі, і паведаміць аб гэтым “Зары над Друццю” па тэл. 72-668 ці 72-669.
Сёння мы гартаем старонкі сямейнага фотаальбома разам з бялынічанкай Марыяй ВАДАДОХАВАЙ, якая ў свае школьныя гады актыўна займалася гандболам і дасягнула ў гэтым відзе спорту значных асабістых поспехаў.
У сямейным фотаальбоме Марыі Вададохавай побач з рарытэтнымі здымкамі, якія зафіксавалі яе спартыўную кар’еру ў юнацкім жаночым гандболе, беражліва захоўваюцца і некалькі старонак раённай газеты “Зара камунізму”. Пачытаем адзін з матэрыялаў: “Добрых поспехаў у алімпійскім годзе дабіліся юныя гандбалісткі Бялыніцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Галіна Арахоўская, Святлана Хадасевіч, Таня Раўкова, Вольга Асіпенка, Людміла Тарасенка, Таня Кулік, Святлана Мураўёва, Марыя Кузняцова (дзявочае прозвішча Марыі Вададохавай, – М. К.) у складзе зборнай рэспублікі былі на ўсесаюзным першынстве ў Саратаве і занялі трэцяе месца. Праводзілі дзяўчынкі таварыскія сустрэчы і ў Прыбалтыцы”.

– Марыя Аляксееўна, – дапытваюся ў гераіні публікацыі, – а чаму менавіта гандбол быў выбраны вамі?
– Бялыніцкая дзіцяча-юнацкая спартыўная школа была адкрыта ў 1965 годзе. Аддзяленне гандболу ў ёй пачало функцыяваць толькі праз 11 гадоў, дзякуючы маладому трэнеру Віталію КУЛІКУ. Віталь Фёдаравіч вярнуўся на малую радзіму пасля вучобы ў Гродзенскім фізкультурным тэхнікуме па спецыялізацыі “валейбол”.

У Гомелі (1978 год) прайшло першынства БССР па ручным мячы, дзе варатар Марыя Кузняцова сярод бялыніцкіх гандбалістак стала першай чэмпіёнкай Беларусі.
Згадваю, што ў 1970-я гады заняткі ручным мячом нібыта атрымалі другое дыханне, праводзіліся спаборніцтвы разнастайных узроўняў, у тым ліку асабліва актыўна сярод юнакоў. Наш трэнер, як модна цяпер гаварыць, “злавіў хвалю” і пачаў развіваць гандбол у родных Бялынічах.

У 1976 годзе каманда юных бялыніцкіх гандбалістак у складзе Тамары Стукачовай, Іны Сіпайла, Тамары Івулёвай, Марыі Кузняцовай, Валянціны Мотуз, Люсі Шчасновіч, Вольгі Арахоўскай, Таццяны Скубілавай, Алены Зайкоўскай і Святланы Мураўёвай упершыню прыняла ўдзел у абласных спабор-ніцтвах па ручным мячы. Нягледзячы на адсутнасць спаборніцкага вопыту юныя бялынічанкі выступілі паспяхова, заняўшы ў першынстве Магілёўскай вобласці сярод дзяўчынак 1962-69 гадоў нараджэння пятае месца.
Так пачыналася зорная дарога бялыніцкіх гандбалістак.
Захапіў гэты від спорту і мяне. Тады казалі: калі дзяўчынка займаецца гандболам – гэта смела, цудоўна і прыгожа. Да таго ж, гандбалістцы трэба мець характар, сілу волі, быць вынослівай і фізічна добра падрыхтаванай.

Наогул, у часы майго юнацтва бялыніцкія школьнікі, моладзь, як мне здаецца цяпер, большую ўвагу надавалі заняткам спорту, фізкультуры. Футбол, хакей, гарадкі, гандбол, валейбол, лёгкая атлетыка… Можа, і дзякуючы таму, што былі і такія таленавітыя арганізатары спартыўнага жыцця, як той жа Кулік, ЯСЕНКАЎ, САЛАЎЁЎ і многія іншыя.

На ўсіх спаборніцтвах розных узроўняў нязменна выступала пад № 12. Ёсць нейкая магія і сакральнасць у спалучэнні гэтых лічбаў, 1 і 2.

На варотах – Марыя Кузняцова.
Трэнер юных бялыніцкіх гандбалістак Віталь Кулік прыгадвае, што, абараняючы вароты сваёй каманды, Марыя тварыла цуды. І прыгадаў адзін выпадак. У час Усесаюзнага турніру па ручным мячы, які праходзіў у Брэсце, зборная каманда дзяўчат Магілёўскай вобласці складалася толькі з юных бялыніцкіх гандбалістак. Тады нашы дзячаты ўпэўнена абыгралі каманды Івана-Франкоўскай, Валынскай, Валгаградскай, Брэсцкай, Мінскай абласцей і горада Львова. У час фінальнай гульні з камандай Мінскай вобласці, дзе вырашаўся лёс першага месца, у вароты бялыніцкіх спартсменак былі прызначаны 12 сямімятровых кідкоў, 8 з якіх Марыя лёгка адбіла. Яна была прызнана адной з лепшых гандбалістак турніру, а бялынічанкі, якія абаранялі гонар Прыдняпроўскага краю, сталі пераможцамі яго.

– Што асабіста мне далі заняткі гандболам? Загартавалі характар і волю, перастала зважаць на цяжкасці – як гаворыцца ў такіх выпадках, вочы баяцца, а рукі робяць, – распавядае Марыя Вададохава. – Умацавалася фізічна. Падчас спаборніцтваў пабывала ў многіх гарадах былога СССР, пазнаёмілася з цікавымі людзьмі, перажыла перыяд свайго спартыўнага прызнання, але на “зорную хваробу” ніколі не хварэла. Навучылася працаваць у камандзе, што аказалася вельмі і вельмі дарэчы ў маім далейшым прафесійным жыцці. Ну а эмоцыі, яны захаваліся ў маім сэрцы па сёння. Хоць, праўда, ужо і з адценнем настальгіі па нечым страчаным, добрым, знамянальным, глыбока асабістым.

З Марыяй Вададохавай яе сямейны фотаальбом
гартаў Міхась КАРПЕЧАНКА.